Традыцыя правядзення беларускіх народных свят у дзіцячым садку № 3 «Сонейка» існуе даўно. На працягу многіх гадоў выхаванцы прымаюць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Гуканню вясны, Купаллю, Багачу, Масленіцы і Калядам. Прычым апошняе свята – адно з самых любімых як у дзяцей, так і ў дарослых. У гэтым годзе мы вырашылі не адступаць ад традыцыі і разам з выхавальнікамі і дзецьмі рыхтавалі тэатралізаваныя забавы старажытнага свята – Каляды.
Да Каляд у дашкольнай установе рыхтаваліся сур’ёзна. Падчас канікул дзяцей знаёмілі з гісторыяй свята, яго традыцыямі, вобразамі, развучвалі з імі калядныя песні, карагоды, беларускія народныя танцы, вершы.
Так, дзеці сярэдніх груп, пераапранутыя ў касцюмы калядоўшчыкаў, прыйшлі калядаваць у хату да гаспадыні і гаспадара. З сабой калядоўшчыкі прывялі казу, якая гуляла з дзеткамі ў розныя гульні. Пасля на свята да дзяцей завіталі Цыган і Цыганка. Яны таксама парадавалі дзетак гульнямі, каляднай варажбой, танцавалі і спявалі з імі.

“Добры дзень у вашу хату” – так называлася калядная забава для выхаванцаў старшых груп. Дзеці гэтага ўзросту больш ведаюць пра народныя святы гадавога кола, таму яны і запытвалі кожны дзень: “Калі пойдзем калядаваць?”. А калядаваць дзеці прыйшлі да ветлівай гаспадыні. Яна дастала бабуліну скрыню, якую “беражэ як пяшчоту матчыну, як дзіва дзіўнае”. Са скрыні - святочны абрус, а пад яго паклала саломку, каб цэлы год у нас было багата і шчодра ў хаце ды ў гародзе.


Дзеці-калядоўшчыкі жадалі ўсім прысутным здароўя, дабрабыту, багацця на ўвесь год, спявалі песні-шчадроўкі, выконвалі беларускія народныя танцы “Матлёт”, “Кракавяк”, гулялі ў народныя зімовыя гульні. Мядзведзь, які прачнуўся ад дзіцячай весялосці, вучыў малых касалапа танцаваць. А цыгане, якія “самі прыйшлі, бо іх ніхто не запрашаў”, так выплясвалі з дзецьмі іскравую “Цыганачку”, што ў зале стала горача.
Хачу адзначыць, што мерапрыемствы праходзілі на беларускай мове, і было бачна, што для дзяцей моўнага бар’еру з дарослымі не існавала - яны самі чыталі вершы і спявалі на роднай мове. А напрыканцы свята ўсіх чакаў стол з рознымі беларускімі прысмакамі: бліны, дранікі, аладкі, салёныя агуркі, гарбата з цукеркамі. За гэта мы ўдзячны бацькам нашых выхаванцаў, якія таксама дапамагалі рыхтаваць для дзяцей свята.
Правядзенне мерапрыемстваў па матывах народных свят мае не толькі культурнае і эстэтычнае, але і велізарнае выхаваўчае значэнне. Цяпер ва ўсіх дашкольных установах, у тым ліку і ў нашай, вялікая ўвага надаецца фарміраванню ў дзяцей нацыянальнай самасвядомасці, гонару за свой народ і краіну. Патрыятычнае выхаванне ў нас прысутнічае ва ўсіх відах дзейнасці. Кожную пятніцу ў садку праходзіць дзень беларускай мовы, калі педагогі паміж сабой і з дзецьмі размаўляюць толькі на роднай мове. А фальклорныя святы далучаюць дзяцей да беларускай культуры і традыцый.
